Ю́ХНАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі пераважна ў басейнах сярэдняй Дзясны, верхняй Акі і Сейма. Назва ад с. Юхнава Чарнігаўскай вобл. Датуецца 7—3 ст. да н.э., сучаснікі носьбітаў мілаградскай культуры. На Беларусі помнікі Ю.к. ў Добрушскім і Веткаўскім р-нах (Падгор’е, Свяцілавічы) даследавалі А.​Я.​Аліхава і В.​М.​Мельнікоўская. Ю.к. прадстаўлена ў асн. мысавымі невял. гарадзішчамі, нешматлікімі селішчамі і адзінкавымі могільнікамі з трупаспаленнем ці трупапалажэннем. Гарадзішчы напачатку ўмацоўвалі плятнямі (2 паралельныя рады калоў апляталі лазой і абмазвалі глінай), пазней — землянымі валамі з равамі. Найб. тыповым жытлом быў «доўгі дом», які падзяляўся на секцыі з агнішчам для кожнай сям’і. Выраблялі спачатку грубаляпныя цюльпанападобныя гаршкі з высокім тулавам і плоскім дном, пазней — танкасценныя пасудзіны на ганчарным крузе. Верхнюю частку гаршка арнаментавалі ямкамі і іх спалучэннем у выглядзе трохвугольніка («вінаградная гронка»), ніжнюю абстругвалі нажом. Знойдзены рыбалоўныя прылады, цагліны (магчыма, мелі рытуальнае значэнне). Металічны інвентар падобны да мілаградскага, сведчыць пра моцныя сувязі са скіфамі (жал. клінападобныя сякеры, сярпы з кручкамі, нажы з гарбатай спінкай, трохгранныя ці трохлопасцевыя бронзавыя наканечнікі стрэл, цвікападобныя шпількі, грыбападобныя завушніцы, антычныя пацеркі). Пад канец 1-га тыс. да н.э. на землі Ю.к. з сярэдняга Дняпра ў Падзясенне прыйшлі Носьбіты зарубінецкай культуры, якія стварылі тут почапскую культуру.

С.​Я.​Расадзін.

т. 18, кн. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)